Беларуская Служба

«Дэмакратыя навыварат»: прэзідэнцкія выбары ў Польшчы вачыма лукашэнкаўскай прапаганды

12.03.2025 15:30
У Беларусі СМІ шмат пішуць пра прэзідэнцкія выбары ў Польшчы, але замест інфармацыі ды нейтральных аглядаў дамінуе  прапаганда.
Аўдыё
  • Беларуская прапаганда выкарыстоўвае выбары ў Польшчы для пашырэння вобразу ворага
  1
Прапагандысцкі матэрыял 1 праграмы лукашэнкаўскага тэлебачанняScreenshot z Youtube/News.by

Прэзідэнцкія ці парламенцкія выбары ў суседзяў – гэта важная міжнародная тэма для прэсы любой краіны. Дастаткова паглядзець, што пісалі, напрыклад, пра апошнія выбары ў Германіі французскія ці польскія СМІ. Было шмат увагі, шмат інфармацыі пра кандыдатаў, і шмат прагнозаў і ацэнак адносна палітыкі новага ўраду ад экспертаў. Гэтаксама ў Беларусі СМІ, даволі шмат пішуць пра прэзідэнцкія выбары ў Польшчы. Аднак замест інфармацыі ды нейтральных аглядаў дамінуе  прапаганда.

18-га траўня бягучага году ў Польшчы пройдуць прэзідэнцкія выбары. На 1-га чэрвеня запланаваны другі тур галасавання. У Польшчы выбарчая кампанія выклікае вялікую цікавасць з боку СМІ ды грамадства. Але польскімі выбарамі цікавіцца таксама лукашэнкаўскі рэжым. Гэта нагода для прапагандыстаў зганьбіць Польшчу. Гэта бачна з аналізу тэм ды лексікі, якую выкарыстоўваюць лукашысцкія СМІ. Пра выбары ў Польшчы яны пішуць у асноўным у такіх катэгорыях як «жабагадзюкінг», «калатня за ўладу», «згрызота», «змаганне шакалаў». Не спыняюцца лукашысты заяўляць, што ў Польшчы працягваюцца «рэпрэсіі, зачысткі, медыйны маскарад» і брак адказнасці за рэальныя праблемы краіны.

Крыніцай інфармацыі для лукашэнкаўскіх СМІ з’яўляецца Russia Today ды нікому невядомыя польскія палітолагі Александр Яцэк, Томаш Янкоўскі, ці Мацей Вішнеўскі, альбо уцекачы з Беларусі, якія вярнуліся з Польшчы ў Беларусь.

Апроч таго, выбарчая кампанія ў Польшчы стала нагодай для лукашыстаў звінаваціць Польшчы ў «служэнні калектыўнаму Захаду» ды адраджэнні «польскага імперыялізму».

Не хавае лукашэнкаўская прапаганда і сваіх сімпатый да кандыдатаў, якія бяруць удзел у гэтых выбарах. Так мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага, які з’яўляецца адным з лідараў кампаніі, называюць выключна «крэатурай партыі Туска». Кандыдата ў прэзідэнты ад партыі «Права і Справядлівасць» Караля Наўроцкага лукашысты называюць «стаўленікам рэжыму Дуды-Качыньскага». Толькі Славаміра Мэнцэна, які кандыдуе ад руху крайне правых сіл «Канфедэрацыя» лукашысты прадстаўляюць нейтральна як кандыдата ў прэзідэнты Польшчы ды падрабязна апісваюць яго пачынанні. Чым так спадабаўся Лукашыстам гэты кандыдат, тлумачыць палітолаг Аляксандр Лагвінец.

— Трэба разумець інтарэсы рэжыму. Прапаганда не хоча, каб Польшча была ўплывовай у рэгіёне ды Еўрапейскім Саюзе, каб была лідарам у вызначэнні палітыкі адносна Беларусі. Прапаганда хоча, каб Польшча была больш падзеленай, дзе дамінуюць сілы, якія рэлятывізуюць расійскую агрэсію, якія крытыкуюць ЕС ды Украіну. Сярод пулу кандыдатаў прапаганда выбірае таго, хто гучыць найбліжэй да таго, што яны самі кажуць. Мэнцэн – гэта для рэжыму магчымасць паказаць Польшчу, як краіны, дзе не ўсё добра, і, якая залежная ад Брусэля.

Пра тое, чаму дзяржаўныя СМІ ў Беларусі менавіта так пішуць пра польскія выбары, мы паразмаўлялі з незалежным беларускім медыя аналітыкам Паўлюком Быкоўскім.

 — З пункту гледжання беларускіх прапагандыстаў Польшча - гэта зручны вораг. Да гэтай тэмы часта звяртаюцца, каб паказаць, што дэмакратыя не працуе, што гэта хаос, не наш шлях. Яшчэ ёсць наратыў таго, што польскія палітыкі робяць імітацыю дэмакратыі. Гэта найбольш небяспечна, бо паказвае беларусаў, што нідзе ў свеце дэмакратыя не працуе, усё гэта ёсць імітацыяй. Гэта стратэгічны наратыў беларускай прапаганды, які ўжываецца ўвесь час пры розных нагодах. Выбары ж - гэта нагода для прапаганды, каб зганьбіць Польшчу, бо яна прыцягальна для грамадства, але небяспечна для  рэжыму.   

 У самой Польшчы беларуская прапаганда не ўспрымаецца як пагроза, яе проста ніхто не заўважае, кажа аналітык з Цэнтру ўсходніх даследаванняў (OSW) Каміль Клысіньскі, па-прычыне мінімальнай аўдыторыі ды адсутнасці ўплыву на польскае грамадства. Гэта зброя Лукашэнкі па ўздзеянні на беларускае грамадства.

— Я тут не бачу ніякай пагрозы. Практычна ніхто ў Польшчы не глядзіць беларускае тэлебачанне, ніхто не чытае беларускіх СМІ апроч экспертаў, мяне ў тым ліку. Уздзеянне на наша грамадства мінімальнае. Яны вядуць гэтую прапаганду, каб уздзейнічаць на грамадзян Беларусі, у першую чаргу прыхільнікаў Лукашэнкі. Абвінавачанні ў бок Польшчы ў беларускіх СМІ скіраваныя на ўнутраную аўдыторыю, у Польшчы яны невядомыя. Яны выглядаюць, як скіраваныя на вонкі, але іх аўдыторыя – беларускае грамадства, якое падатнае на ўздзеянне прапаганды. Будучы экспертам па Беларусі, я ведаю механізмы іх уздзеяння. Яны імкнуцца ствараць падзелы, дэзынфармаваць людзей. Але на польскае грамадства яны не ўздзейнічаюць. Іх кантэнт у Польшчы людзі не чытаюць, бо не ведаюць мовы, а польская версія Белты ў Польшчы нікому не вядомая, апроч вельмі маргінальных груп. Гэта проста форма навязвання свайму грамадству іх бачання рэчаіснасці.

Выбары ў Польшчы сталі нагодай для лукашэнкаўскай прапаганды ў чарговы раз накінуцца з абвінавачаннямі на польскі ўрад. Гэта робіцца ў першую чаргу, каб пераканаць беларускае грамадства ў тым, што ў суседзяў кепска, а добра толькі ў лукашэнкаўскай Беларусі. Аднак, калі паглядзець на той факт, што пракуратура збіраецца ўзяць пад кантроль усе паездкі школьнікаў за мяжу, гэта хутчэй сведчыць пра тое, што беларусы галасуюць нагамі, і нават моладзь выбірае з'ехаць з Беларусі.

Юры Ліхтаровіч